Мірскі замак


За́мкава-па́ркавы ко́мплекс «Мір», Мі́рскі за́мак — унікальны помнік беларускай нацыянальнай культуры, шэдэўр беларускай архітэктуры, які ўваходзіць у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, адзін з нацыянальных сімвалаў  і аб'ект нацыянальнага гонару. Архітэктурны комплекс уключае ў сябе замак XVI- XX стагоддзяў, валы XVI—XVII стагоддзяў, стаў 1896— 1898 гадоў, прыдарожную каплічку, капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх з домам вартаўніка і брамай, пейзажны і рэгулярны паркі, дом упраўляючага. Знаходзіцца ў г.п. Мір, на правым беразе ракі Міранкі.

Пабудаваны ў пачатку XVI ст. магнатам Ю. І. Ільінічам замак стаў першым прыватнаўласніцкім замкам на землях Беларусі. З 1568 г. ён належаў князям Радзівілам, у XIX ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Мірскі замак з'яўляецца самым усходнім гатычным збудаваннем, а таксама самым буйным і адзіным некультавым аб'ектам з захаваных нешматлікіх узораў самабытнай беларускай готыкі.

Замак у плане блізкі да квадрата са стараной каля 75 метраў, па вуглах мае пяціпавярховыя вежы вышынёй 25—27 м, якія выходзяць за межы сцен. Пятая вежа — шасціпавярховая з уязной брамай.

Помнік удзельнічаў практычна ва ўсіх войнах, якія толькі праносіліся ў свой час па шматпакутнай беларускай зямлі: пачынаючы з руска-польскай 1654—1667 гг. і да руска-французскай 1812 года, замак не раз бралі ў аблогу і штурмавалі. Быў пашкоджаны ў 1665 і 1706 гг., пасля адноўлены ў пачатку XVIII ст. Пасля зноў моцна пашкоджаны ў 1794, пасля чаго ў канцы XVIII ст. заняпаў. У 1812 г. пад сценамі замка адбыўся бой паміж французскай кавалерыяй маршала Л. Даву і ар'ергардам 2-й рускай арміі — казацкай конніцай М. І. Платава .

Мірскі замак для свайго часу быў магутным ваенным збудаваннем, дзе былі прыменены амаль усе вядомыя элементы сярэднявечнай фартыфікацыі і былі ўвасоблены мясцовыя традыцыі замкавага дойлідства. Будавалі яго па праекту таленавітага архітэктара, які, хутчэй за ўсё, быў майстар з народа і валодаў мастацкім густам. Адсутнасць добрых прылад не перашкодзіла дойліду стварыць першакласнае для таго часу ваенна-інжынернае збудаванне і ўпрыгожыць яго разнастайнымі архітэктурнымі дэталямі. Вялікая насычанасць агнявых сродкаў пры ўзаемным перакрыванні сектараў абстрэлу, пастаноўка веж з разлікам вядзення флангавага агню ўздоўж сцен, высокія, стромкія земляныя валы з бастыёнамі па кутах рабілі Мірскі замак першакласным абарончым збудаваннем свайго часу.

На працягу свайго існавання комплекс зведаў не адно аднаўленне і перабудову, аднак дадзеныя працэсы не ўнеслі значных змен у яго аб'емна-планавую і кампазіцыйную сістэмы. Разам з тым, Мірскі замак захаваў свае першапачатковыя стылістычныя элементы часоў готыкі і Рэнесансу, набыўшы пры гэтым новыя ўнікальныя напластаванні, характэрныя стылістыцы барока і рамантызму. Разам з першапачатковымі стылявымі рысамі яны сфарміравалі непаўторнае аблічча замка, дзякуючы якому комплекс стаў у адзін рад з архітэктурнымі помнікамі сусветнай каштоўнасці.

Усе элементы замка складаюць цэласную архітэктурную кампазіцыю, што стварае завершаны вобраз непаўторнага збудавання, якое не мела сабе падобных на землях Прыбалтыкі, Польшчы і Расіі.

Комплекс Мірскага замка і сёння здзіўляе сваёй архітэктурнай гармоніяй, злучнасцю з прыродай, рацыяналізмам і прадуманасцю абарончых збудаванняў, прастатой і лаканізмам форм.

Комментарии