Нікола Тэсла


Ніко́ла Тэ́сла (сербск.: Никола Тесла, Nikola Tesla; 10 ліпеня 1856 года, Смілян, Аўстра-Венгрыя, цяпер Харватыя — 7 студзеня 1943 года, Нью-Ёрк, ЗША) — сербска-амерыканскі фізік з сусветным імем, вынаходнік у галіне электрычнасці, магнетызму і электратэхнікі, аўтар больш чым 300 патэнтаў у розных галінах інжынернай тэхнікі. У прыватнасці Тэслу належаць вынаходствы зменнага току, радыёсувязі, мнагафазнай сістэмы, асінхроннага электрарухавіка, рэзананснага трансфарматара (трансфарматара Тэслы). Ён займаўся даследаваннем магнітнага поля. Тэсла першым звярнуў увагу на фізіялагічнае ўздзеянне токаў высокай частаты, публічна прадэманстраваў бесправадную перадачу высокачастотнага току на лямпы і рухавікі, быў ключавой фігурай пры будаўніцтве першай гідраэлектрастанцыі на Ніягарскім вадаспадзе. Адзінка вымярэння магнітнай індукцыі ў сістэме СІ носіць назву ў гонар даследчыка.

Вынаходствы Ніколы Тэслы
Нікола Тэсла — аўтар каля 800-а вынаходстваў у галіне электра- і радыётэхнікі, аўтар болей чым 300 патэнтаў у розных галінах інжынернай тэхнікі. Сярод самых вядомых адкрыццяў — радыёсувязь, зменны ток, асінхронны рухавік, электрарухавік, флюарэсцэнтнае святло, бесправадная перадача энергіі, лазер, рэнтгенаўскія промні.


Тэсла ўпершыню распрацаваў прынцыпы дыстанцыйнага кіравання, асновы лячэння токамі высокай частаты, стварыў першыя электрычныя гадзіннікі, рухавік на сонечнай энергіі і шмат іншага.

Таленавіты вучоны стварыў генератар зменнага току, абапіраючыся на прынцыпы кручэння магнітных палёў, і тым самым даў чалавецтву магчымасць шырокага выкарыстання электрычнасці.

Зменны ток

З 1889 года Тэсла прыступіў да даследаванняў токаў высокай частаты і высокага напружання. Ён вынайшаў першыя ўзоры электрамеханічных генератараў высокай частаты і высокачастотны трансфарматар (трансфарматар Тэслы, 1891), стварыўшы тым самым перадумовы для развіцця новай галіны электратэхнікі — тэхнікі высокай частаты.

У ходзе даследаванняў токаў высокай частаты Тэсла надаваў увагу і пытанням бяспекі. Эксперыментуючы на сваім целе, ён вывучаў уплыў зменных токаў рознай частаты і сілы на чалавечы арганізм. Многія правілы, упершыню распрацаваныя Тэслам, увайшлі ў сучасныя асновы тэхнікі бяспекі пры працы з высокачастотнымі токамі. Ён выявіў, што пры частаце электрычнага току звыш 700 герцаў ён працякае па паверхні цела, не наносячы шкоды тканкам арганізму. Электратэхнічныя апараты, распрацаваныя Тэслам для медыцынскых даследаванняў, атрымалі шырокае распаўсюджанне ў свеце.

Тэорыя палёў
У 1887 годзе Тэсла даў дакладнае навуковае апісанне сутнасці з'явы вярчэння магнітнага поля. У 1888 годзе Тэсла атрымаў свае асноўныя патэнты на вынаходніцтва шматфазных электрычных машын (у тым ліку асінхроннага электрарухавіка) і сістэмы перадачы электраэнергіі з дапамогай шматфазнага зменнага току. З выкарыстаннем дзвюхфазнай сістэмы, якую сам навуковец лічыў найбольш эканамічнай, у ЗША быў пушчаны шэраг прамысловых электраўстановак, у тым ліку Ніягарская ГЭС (1895), найбуйнейшая ў тыя гады.

Радыёсувязь

Тэсла адным з першых запатэнтаваў спосаб надзейнага атрымання токаў, прыдатных для выкарыстання ў радыёсувязі. Патэнт «US Patent 447920»[33], выдадзены ў ЗША 10 сакавіка 1891 года, апісваў «Метад кіравання дугавымі лямпамі» («Method of Operating Arc-Lamps»). Запатэнтаванай інавацыяй стаў метад падаўлення гуку, які зыходзіць ад дугавой лямпы пад уздзеяннем току, для чаго Тэсла прыдумаў выкарыстоўваць частоты, якія знаходзяцца па-за межамі ўспрымання чалавечага слыху.

У тым жа годзе на публічнай лекцыі Тэсла апісаў і прадэманстраваў прынцыпы радыёсувязі. У 1893 ушчыльную заняўся пытаннямі бесправадной сувязі і вынайшаў мачтавую антэну.

У 1893 годзе Тэсла запатэнтаваў радыёперадатчык. Лічыцца, што ён вынайшаў радыё раней за Гульельма Марконі (1895) і Аляксандра Папова (1891—1893).

Пазней, у 1943 годзе, Вярхоўны суд ЗША канчаткова вызнаў першынства Тэслы ў вынаходніцтве радыё.

Рэнтгенаўскае выпраменьванне

Рэнтген Тэслы
Нягледзячы на тое, што афіцыйна рэнтгенаўскае выпраменьванне (X-промні) было вынайдзена Вільгельмам Рэнтгенам у 1895 годзе, дакладна вядома, што Нікола Тэсла раней, прынамсі з 1894 года пачаў даследаваць тое, што ён называў прамяністай энергіяй «нябачнага» віду. Магчыма, ён быў першым чалавекам, які атрымаў, хоць і выпадкова, рэнтгенаўскі здымак, гэта адбылося ў 1895 годзе, калі Нікола Тэсла зрабіў здымак Марка Твэна пры дапамозе гейслераўскай трубкі. Як высветлілася, фатаграфіі Твэна не атрымалася, але затое атрымалася добрая выява рэгуліровачнага вінта аб'ектыва фотаапарата.

Ужо пасля афіцыйнага вынаходства рэнтгенаўскіх промняў і рэнтгенаўскай тамаграфіі Тэсла працягваў рабіць уласныя эксперыменты ў гэтым кірунку. Ён не толькі ставіў доследы, але, аналізуючы атрыманыя звесткі, першым звярнуў увагу на небяспеку з боку ўздзеяння рэнтгенаграфіі на арганізм чалавека.

Рэзананс
У 1891 годзе Нікола Тэсла стварае першы высокачастотны (рэзанансны) трансфарматар у Каларада Спрынгз. У адрозненне ад іншых трансфарматараў, у ім не было ферамагнітнага сардэчніка, трапляючы ў рэзананс, бабіны перадаюць адна адной ток літаральна па паветры. Пры правядзенні эксперымента былі зафіксаваны навальнічнападобныя разрады даўжынёй да 4,5 метраў.

Бабіны Тэслы яшчэ, часам, выкарыстоўваюцца менавіта для атрымання доўгіх іскравых разрадаў, якія нагадваюць маланку. Так, у 1998 годзе інжынер з Стэнфарду Грэг Лей прадэманстраваў публіцы эфект «маланкі па заказу», стоячы ў металічнай клетцы пад гіганцкім контурам Тэслы і кіруючы маланкамі з дапамогай металічнай «чароўнай палачкі».

Комментарии