Кракаў

Stare Miasto w Krakowie
Кракаў усяго чвэрць стагоддзя быў сталіцай беларускіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай. Аднак сталыя сувязі з горадам на Вісле ўсталяваліся крыху раней: ад пачатку XV стагоддзя сюды цягнуліся ахвочыя да еўрапейскай навукі літвіны, а напрыканцы стагоддзя ХІХ ужо ў аўстра-венгерскім Кракаве былі надрукаваныя кнігі-перадвеснікі беларускага нацыянальнага руху.
Паспрабуем адшукаць беларускія адбіткі мінулага падчас шпацыру па сучасным Кракаве.
Найперш наведаем універсітэт. Ад часоў Ягайлы за ім замацавалася назва Ягелонскага, і за першыя два стагоддзі яго школу прайшло больш за 400 выхадцаў з Беларусі. Сярод іншых – Францыск Скарына, Сымон Будны і, верагодна, Іван Фёдараў. Для найбольш здатных “кракаўскі дыплом” адкрываў дзверы ў найлепшыя універсітэты Заходняй Еўропы. “Адток мазгоў” з Вялікага Княства Літоўскага паменшыўся толькі з адкрыццём Віленскага ўніверсітэта, аднак і ў наш час беларусы ахвотна прыязджаюць у Кракаў па навуку.
Сучасныя факультэты раскіданыя па ўсім горадзе, але захаваўся і найстарэйшы будынак універсітэта (скрыжаванне sw. Anny i Jagiellońskiej) Collegium Maius, сцены якога яшчэ памятаюць Францішка Скарыну. Цяпер тут месціцца ўніверсітэцкі музей.
Не ведаю, ці магчыма адшукаць на Радзіме прыклад беларускага манументальнага жывапісу часоў Сярэднявечча, але ў Кракаве ён ёсць! Паліхромныя фрэскі на сценах і скляпеннях капліцы былі выкананыя ў 1470 г. майстрамі з Вялікага Княства Літоўскага і доўгі час знаходзіліся пад пазнейшай тынкоўкай. Толькі ў другой палове ХІХ ст. удалося адкрыць роспіс, на якім дагэтуль можна знайсці надпісы на старабеларускай мове.
Гэты храм – адзін з дзевятнаццаці вавельскіх капліц. Пабудаваны ён быў на замову вялікага князя літоўскага і польскага караля Казіміра Ягелончыка. Відаць, што ва ўладара пераважаў літвінскі патрыятызм, таму для роспісу капліцы ён запрасіў майстроў са сваёй малой Радзімы. Казімір разам са сваёй жонкай Эльжбетай знайшоў у гэтай капліцы вечны спачын.
Да з’яўлення езуіцкага касцёла ў Кракаве (ul. Grodzka, 52a) спрычыніўся беларускі італьянец Ян Бернардоні. Гэта яго другі буйны барочны храм пасля касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Што праўда, архітэктар не дажыў да канца будоўлі. Імаверна, езуіцкага архітэктара пахавалі на тэрыторыі разлеглай рэзідэнцыі ордэна.
З касцёлам звязаны лёс выхадца з Берасцейшчыны, найбольш вядомага атэіста сярэднявечнай Беларусі Казіміра Лышчынскага. Тут, у Петрапаўлаўскім касцёле, адбылося яго пасвячэнне ў езуіты у 1658 г. Аднак з пашанай адысці ў лепшы свет у яго не атрымалася. Казімір з часам перагледзеў свае рэлігійныя погляды і выдаў нашумелы трактат “Пра неіснаванне Бога”, пасля чаго яму адсеклі галаву, спалілі цела і стрэлілі попелам у бок Турэччыны.
У саборы пахаваная большасць польскіх каралёў і ўладароў Рэчы Паспалітай: Ягайла, Жыгімонт ІІ Аўгуст, Стэфан Баторый, Ян ІІІ Сабескі і іншыя. Аднак свой вечны спакой тут знайшлі не толькі каранаваныя асобы, але і героі польскай гісторыі з іншых галін. Сярод іх асаблівае месца адведзенае выхадцам з Беларусі, Тадэвушу Касцюшку і Адаму Міцкевічу. І слынны вайсковец, і знакаміты паэт памерлі ў эміграцыі, і іх прах перанеслі ў Кракаў толькі ў 1818 і 1890 гадах адпаведна.

Комментарии